ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ >>>
Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.
Далей>>
“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”.
Змітрок Бядуля
Родная мова
З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.
Няма на зямлi таго шчасця i гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такiх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння
Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй –
Над тым, што было i што век будзе вольным.
Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваiм
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калi ж ападзе і развеецца дым
I нiвы васкросшыя закаласяцца, –
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасi iх сарэбраны гром
I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.
Максім Танк


Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Я.Колас)
Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам. (Я.Сіпакоў)
Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ.(І.Мележ)
Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова. (З.Бядуля)
Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі. (В.Ластоўскі)
Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. (Ф.Багушэвіч)
Ігнараваць мову – гэта значыць ігнараваць народ, нацыю. (П.Пестрак)
Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. (Ф.Скарына)
Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўдзеў чужую апратку – той адышоў ад народу далёка-далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям’і. І на яго браты глядзяць як на чужынца. (Цётка)
Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны творы, і гэты твор – мова. (А.Разанаў)
Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. (А.Крывіцкі)
Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў. (У.Караткевіч)
Беларусь-католік, ці беларусь-праваслаўны павінны то помніць, што ў іх адна Бацькаўшчына – Беларусь, адна мова родная – беларуская, адны звычаі і абычаі, адвеку перадаваныя з пакалення ў пакаленне. (Я.Купала)
Там, дзе не шануюць роднай мовы, мялеюць рэкі, нішчацца дубровы, народ той мёртвы, а той край нямы. (Г.Бураўкін)
Што ў цябе ёсць, акрамя мовы, з якой складаюцца твае думкі і словы? (В.Марціновіч)
Сёння для нас важней за ўсё – мова, на першым плане павінна быць мова. Будзе мова – будзе нацыянальная свядомасць і будзе Беларусь. Ня будзе мовы – ня будзе Беларусі. (Ніл Гілевіч)
Паміраньне мовы такая ж натуральная зьява, як і нараджэньне яе. Быць можа, што і мая мова некалі памрэ. Як памру я сам, чалавек. І я аніяк не баюся натуральнай сьмерці. А от калі насільна паміраць – страшна. (Я.Скрыган)
Нам мова далася крывёю. (А.Сыс)
Бог размаўляе з табой на тваёй роднай мове.(Л.Дайнека)
Мова — гэта код, які адкрывае дзверы ў тую або іншую культурную прастору. А культура — гэта пераемнасьць, спадчына, традыцыя, алюзія. (С.Абламейка)

