У той дзень, калі скончылася вайна
Хутка бяжыць час. Яшчэ нядаўна я з хваляваннем збіралася ў першы клас, а вось ужо і выпускніца. Помню, як мая прабабуля наказвала мне, каб я вельмі ўважліва слухала сваю настаўніцу і старанна вучылася. Яе настойлівае павучанне, аповеды былі не вельмі зразумелыя мне у той момант. Усё, што было звязана са школай, мне здавалася такім цудоўным, незвычайным. Па праўдзе кажучы, гэтае пазнанне новага мне і цяпер застаецца цікавым.
Аднак я ўжо зусім па-іншаму ўспрымаю словы маёй старэнькай прабабулі. Якое шчасце, што яна ў мяне ёсць. Гэта мой самы лепшы дарадчык, настаўнік і нават крытык. Як толькі ёсць вольная хвілінка, бягу да яе. Я называю яе бабуляй, таму далей так і буду весці гаворку. Бабулі вельмі патрэбна дапамога, бо ёй восемдзесят дзевяць гадоў. А больш, чым дапамога, патрэбна ўвага ўсёй нашай вялікай сям'і. Калі не паспяваю забегчы да яе, то ўвечары тэлефаную, размаўляю і слухаю цікавыя гісторыі пра яе цяжкае дзяцінства, якое прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны. Я стараюся запомніць кожны новы аповед, каб даведацца пра цяжкія выпрабаванні, што выпалі на яе лёс, каб потым расказаць сваім дзецям, каб ведалі і зрабілі патрэбныя вынікі.
Я саджуся на канапу побач з маёю сівенькай бабуляй, гладжу яе худзенькія рукі і слухаю. Калі пачалася вайна, ёй было ўсяго шэсць гадоў. Яна яшчэ не паспела і ў школу пайсці. Бацьку адразу ж у сорак першым мабілізавалі. Маці засталася адна з дзецьмі, іх у сям'і было шасцёра. Самаму малодшаму было два гады. Куды падацца з малымі ад ваенных падзей? Так і засталіся ў вёсцы. Неўзабаве прыехалі фашысты. Хата ў бабулі была драўляная, па тым часе лічылася вялікай, таму ў ёй размясціўся нямецкі афіцэр, а ўсю сям'ю выгналі. Іх прытуліла ў маленькай хацінцы сваячка, у якой таксама было чацвёра дзяцей. Гэтыя гады былі самымі цяжкімі. Ежы амаль не было. Ірвалі крапіву, каб хоць якую страву зварыць, шукалі мерзлую бульбу. Фашысты застаўлялі дзяцей мыць кацялкі, ад чаго рукі былі чорныя і ў драпінах. Адных немцаў змянялі другія, яшчэ больш злосныя. Маці са сваячкай і старэйшымі дзецьмі вырылі зямлянку ў канцы агарода на ўсякі выпадак. І вось зрабілі гэта нездарма. Было ўжо досыць холадна (мая бабуля не ведае канкрэтную дату, затое я ўжо і сама падлічыла, што гэта быў лістапад 1943 года), пачалася бамбёжка. Чуліся стрэлы, выбухі. Жанчыны з дзецьмі схаваліся ў выкапанай яме, прасядзелі там каля трох сутак. Дзеці мерзлі, бо якое тады адзенне было? А потым стрэлы сціхлі. Гаротнікі вылезлі з прамерзлай зямлянкі, ціхенька пабеглі ў хатку, паселі на печы, цесна прытуліўшыся адзін да аднаго. І тое ж цяплей, чым у яме. Сядзяць дзесяць дзяцей, ні гуку, каб фашысты не пачулі. Раптам моцныя ўдары прыкладамі аўтаматаў пачуліся ў вокны. Шкло з ляскатам пасыпалася на падлогу. Спяшаліся фрыцы адступаць, дзякуючы гэтаму не зайшлі ў хату, толькі вокны павыбівалі. Нашы салдаты наступалі, хутка прайшлі па вёсцы. Бабуля іх і не разгледзела добра. Шчасцю і радасці, што вяртаюцца ў свой дом, не было канца. Але разгульвацца не было калі, ішла зіма, трэба было хоць што-небудзь з ежы назапасіць, ламачча назбіраць, каб было чым тапіць печ. Адно азмрочвала маці сямейства, што не было доўгачаканых звестак ад мужа. Калі былі немцы ў вёсцы, лісты з фронта не даходзілі, а потым... Потым прыйшла пахаронка, што бацька прапаў без звестак пад Курскам. Так і жылі, цяжка было.
І вось аднойчы на вуліцы пачуўся нейкі шум. Радыё тады ў вёсцы не было. Усе выбеглі з хаты і ўбачылі радасных людзей, якія ішлі з чырвонымі сцягамі. Яны паведамілі, што скончылася вайна. І дарослыя, і дзеці сталі абдымацца. Здаецца, не было нікога шчаслівейшых за нас. Гэта была другая самая лепшая навіна за гады выпрабаванняў.
З фронту вярталіся аднавяскоўцы. Маці ўсё яшчэ доўга чакала бацьку. Думалася, што можа памылка, можа дзе ў шпіталі ляжыць ён паранены ці кантужаны. Так і засталася адна з дзецьмі. А 9 Мая кожны год у сям'і стала традыцыя: накрывалі стол (спачатку не вельмі багаты, потым страў станавілася ўсё больш), сядала маці і ўсе дзеці і ўспаміналі загінуўшых. А гэта не толькі бацьку, а і трох яго братоў, якія таксама не вярнуліся з вайны, суседзяў і многіх аднавяскоўцаў. Маці спачатку малілася, а потым прыступалі да ежы. Дзеці раслі, дзяўчаты выходзілі замуж, сыны пажаніліся. Потым за сталом збіраліся ўжо і іх сем'і, месца ў хаце не хапала для ўсіх, выносілі сталы на двор. Але ў Дзень Перамогі ўсе стараліся сабрацца разам. Гэта быў нібы другі дзень нараджэння для кожнага сямейніка.
Мая бабуля пайшла ў школу, калі ёй споўнілася каля адзінаццаці гадоў. Кніг не хапала, таму вучыцца было цяжка. Падарванае здароўе не дазваляла хадзіць у школу, яна часта хварэла. Адночы нават маладая настаўніца завітала да іх адведаць сваю вучаніцу, бо тая прахварэла цэлую зіму. З горам папалам навучылася чытаць і пісаць, таму так хацела, каб у мяне з вучобай было ўсё добра. Толькі цяпер я зразумела яе словы, калі збіралася ў першы клас: "Вучыся старанна. Беражы тое, што маеш. Яго лёгка страціць, ды цяжка прыдбаць".
Слухаю часам бабулю, гляджу ў яе блакітныя, крыху выцвілыя ад старасці вочы, і камяк падступае да горла, сціскае яго. Хочу сказаць ёй многа добрых і ласкавых слоў, а не магу вымавіць і слова, вось-вось заплачу. Тады яна абдымае мяне, гладзіць па галаве і кажа, што ўсё будзе добра, што яна нацярпелася за ўвесь наш род, а нам хай будзе толькі шчасце. А гэтую цудоўную традыцыю памінання загінуўшых продкаў у дзень, калі скончылася вайна, мы і цяпер захоўваем.
Лёгенькая Маргарыта, вучаніца 11 класа